ДЖУНГА́РСКІ АЛАТА́У,
горная сістэма ў Сярэдняй Азіі, паміж воз. Алаколь і р. Ілі, у Казахстане і часткова ў Кітаі. Працягнулася з ПдЗ на ПнУ амаль на 450 км, шыр. ад 50 да 190 км. Складаецца з некалькіх паралельных хрыбтоў: Каратау, Баскантау, Таксанбай, Беджынтау і інш. Выш. ад 1500 да 3000 м, найб. — 4464 м (г. Бесбаскан). Паўн. раёны ўтвораны з пясчанікаў, алеўрытаў і сланцаў, паўднёвыя — з вулканагенных парод; у цэнтр. ч. выходзяць стараж. крышт. пароды. Радовішчы поліметал. руд, медзі, рэдкіх металаў; тэрмальныя мінер. крыніцы. Характэрна змена вышынных ландшафтных паясоў: на ніжніх схілах — пустыні, паўпустыні і стэп, які на выш. 1200 м пераходзіць у леса-лугавы пояс, вышэй 2600 м — субальпійскія і альпійскія лугі. Ледавікі (агульная пл. больш за 1000 км2), у т.л. ледавікі Джамбула і Берга.
т. 6, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)